Ніколі не задумвалася аб тым, колькі часу дзіцем праводзіла на прыродзе. Колькі разоў мы былі ўлазілі ў крапіву! Гэты быў нібыта нейкі рытуал прыняцця. А мо’ ачышчэння?
Едзем у старой «Ладзе» комбі. Мы, дзеці, — у багажніку з вёдрамі, кошыкамі і нажамі. Улюбёным грыбным месцам нашай сям’і была «Панская дарога». Гэта такая брукаванка, што ідзе праз лес і па якой, паводле легенды, пан калісьці ездзіў коннай павозкай. У гэтай мясцовасці на паўночным захадзе ад Мінска дзе-нідзе плямамі залягае радыяцыя. На ўваходзе ў некаторыя лясы можна ўбачыць знакі, якія папярэджваюць аб забароне збіраць грыбы. Але калі зайсці з іншага боку, можна гэтых знакаў і не заўважыць. На жаль, некаторыя не зважаюць на гэтыя папярэджанні і ўсё роўна збіраюць там грыбы, асабліва на продаж. На кожным рынку ёсць ветэрынарны кантроль, дзе правяраюць узровень радыяцыі ў прадуктах, у прыватнасці, у грыбах і ягадах.
Пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе ў асяроддзе трапіў радыеактыўны ёд-131. Ён хоць і распадаецца хутчэй за іншыя элементы, але аказвае вельмі небяспечны ўплыў. Пасля катастрофы людзі мусілі дадаваць ёд у свой рацыён, каб арганізм не засвойваў ёд-131 замест звычайнага. У зоне забруджвання знаходзілася 3 678 гарадоў і вёсак, дзе жыло 2,2 мільёна чалавек. У першыя дні пасля выбуху афіцыйных аб'яў пра небяспеку не было, але эвакуацыю жыхароў усё ж пачалі.
Сабраўшы грыбы, звычайна трэба было іх перабраць: баравікі, махавікі або польскія грыбы, падасінавікі, лісічкі, апенькі, сыраежкі. Тады трэба замачыць грыбы ў гарачай вадзе. Гэта традыцыя, якая перадавалася з пакалення ў пакаленне. Я не ведала, што яна завялася праз радыяцыю. Мне здавалася, што гэта проста спосаб пазбавіцца ад неядомых грыбоў. Згодна з афіцыйнымі рэкамендацыямі, трэба пракіпяціць грыбы двойчы альбо тройчы ў падсоленай вадзе, мяняючы яе за кожным разам. Такім чынам можна знізіць узровень радыенуклідаў у 2–10 разоў.

30-кіламетровая зона вакол Чарнобыльскага рэактара называецца зонай адчужэння. Частка гэтай зоны на тэрыторыі Беларусі стала запаведнікам, дзе вывучаюць уздзеянне радыяцыі. Паколькі рэгіён абязлюдзеў (жыхароў тут засталіся адзінкі), на гэтай зямлі пачала ўладарыць прырода. Напрыклад, папуляцыя дзікіх жывёл аднавілася да ўзроўню, які існаваў да з’яўлення тут чалавека. Многія віды адаптуюцца да радыяцыі, у тым ліку грыбы, што растуць унутры рэактара і атрымліваюць энергію для росту з радыесінтэзу.
Я ніколі не была ў зоне адчужэння, хоць яна прасціраецца пасам шырынёй 26 км на тэрыторыі Беларусі.
Здаецца, яна мела быць большай, але тады ў яе межах апынуліся б буйныя гарады, напрыклад, Гомель. На травеньскія святы — асабліва на Радаўніцу (дзень памінання продкаў, калі людзі збіраюцца ля магіл з ежай і напоямі) — дазваляецца наведваць магілы сваякоў у зоне адчужэння. Мая мама і іншыя сваякі часам так ездзяць у сваю старую вёску і на могілкі. Гэта месца называецца Нежыхаў і знаходзіцца за 23 км ад горада Прыпяць. Вёску атачаюць каналы для адводу вады, бо яна практычна стаіць на балотах. Бліжэй да лесу глеба сухая, пясчаная — добрае месца для ўкаранення дрэў і грыбоў, а таксама для рассялення людзей.
Пасля чарнобыльскай катастрофы хвойны лес плошчай 10 км² каля станцыі загінуў ад высокай дозы радыяцыі. Дрэвы вырашылі ссекчы і закапаць у зямлю, што прывяло да моцнага забруджвання падземных вод. Доўгі час лічылася, што радыяцыя пранікае толькі на 10-15 см углыб, пакуль навукоўцы не выявілі варонкі, дзе радыяцыя пранізвала глебу на 200 метраў. Такія варонкі пакрываюць каля 10% тэрыторыі зоны адчужэння.
У лесе каля Нежыхава можна было знайсці шмат маслякоў з сямейства балетавых. Калісьці гэта быў малады хвойны лес, і маслякоў было так многа, што ў іх можна было хадзіць з касою, як той казаў. Мясцовыя жыхары збіралі грыбы ў «кашэль» — спецыяльны кошык, які замацоўваўся на грудзях і вісеў за спінай. Яго рабілі з вярбы, а грыбоў ён змяшчаў амаль два вядры. Грыбнікі часам збіралі да трох кашалёў маслякоў за раз. Часам наверх яшчэ дабіралі лясных малін і арэхаў.
Лічыцца, што для поўнага распаду радыенуклідаў, якія трапілі ў асяроддзе падчас катастрофы, спатрэбіцца 300 гадоў. Гэта разлікі на аснове перыяду паўраспаду цэзію-137. Радыеактыўныя ападкі разнеслі гэты і іншыя элементы па Беларусі. Прагназуецца, што ў 2046 годзе фонавая радыяцыя ў Мінскай вобласці не будзе перавышаць 1 Кі/км². Вядома, што грыбы назапашваюць радыяцыю. Напрыклад, польскія грыбы не раяць збіраць у зонах з узроўнем забруджвання больш за 0,2 Кі/км², а апенькі можна збіраць пры ўзроўні менш за 2 Кі/км².
Раней у лясах было мноства маслякоў, але цяпер іх рэдка спаткаеш. У нашай сям’і звычайна збіралі адзін від грыбоў за паход, набіраючы іх цэлымі вёдрамі. На «Панскай дарозе» было шмат грыбоў, нават калі мы былі малыя, але цяпер здараецца, не знаходзіш нічога. Асабліва рэдкімі сталі белыя грузды, рыжыкі і зялёнкі. Галоўным чынам знікаюць пласціністыя грыбы, а вось балетавыя пакуль трымаюцца.
Пасля выбуху звычайнай справай было мераць радыяцыю пасля кожнага паходу ў лес. Але цяпер, калі людзі прызвычаіліся да сітуацыі, а некаторыя элементы дасягнулі перыяду паўраспаду, катастрофа ўсё больш сыходзіць у мінулае, таму гэта робяць усё радзей.
Перакладчыца з англійскай — Валерыя Хоціна.
